САВЕ́Т МІНІ́СТРАЎ СССР (СМ СССР),

вышэйшы выканаўчы і распарадчы орган дзярж. улады, урад Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік у 1946—91. Створаны ў выніку пераўтварэння Савета Народных Камісараў (закон ад 15.3.1946). Да 1989 утвараўся Вярхоўным Саветам СССР на 1-й сесіі чарговага склікання ў складзе старшыні, першых намеснікаў, намеснікаў старшыні, міністраў СССР, старшынь дзярж. к-таў СМ СССР, старшыні к-та Дзярж. бяспекі пры СМ СССР (да ліп. 1978). Уваходзілі таксама паводле сваіх пасад старшыні Саветаў Міністраў саюзных рэспублік. СМ СССР аб’ядноўваў і накіроўваў работу агульнасаюзных і саюзна-рэсп. міністэрстваў, рабіў захады па ажыццяўленні планаў сац.-эканам. развіцця, умацаванні крэдытна-грашовай сістэмы, кіраваў агульным будаўніцтвам узбр. сіл краіны, ажыццяўляў агульнае кіраўніцтва ў галіне зносін з замежнымі дзяржавамі і г.д.; выдаваў пастановы і распараджэнні на падставе дзеючых законаў. Паводле закона СССР ад 1.12.1988, які ўнёс змены ў Канстытуцыю СССР 1977, пастаянна дзеючы Вярх. Савет СССР зацвярджаў склад СМ СССР і прызначаў яго старшыню, якога зацвярджаў З’езд народных дэпутатаў СССР. У студз. 1991 замест СМ СССР утвораны Кабінет Міністраў СССР.

Старшыні СМ СССР: І.В.Сталін (сак. 1946 — сак. 1953), Г.М.Малянкоў (сак. 1953 — лют. 1955), М.А.Булганін (лют. 1955 — сак. 1958), М.С.Хрушчоў (сак. 1958 — кастр. 1964), А.М.Касыгін (кастр. 1964 — кастр. 1980), М.А.Ціханаў (кастр. 1980 — вер. 1985), М.І.Рыжкоў (вер. 1985 — студз. 1991).

т. 14, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)